Установа культуры «Карэліцкі раённы краязнаўчы музей»

Музей створаны ў 1969 г. Адкрыццё дзеючай экспазіцыі «Зямля і людзі» адбылося 4 чэрвеня 1995 г. Яна знаёміць наведвальнікаў з матэрыяламі археалагічных раскопак на тэрыторыі раёна, са старажытнымі прыладамі працы. Экспануюцца прадметы сялянска-га побыту, узоры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва XIX—XX стст., творы сучасных беларускіх мастакоў і графікаў. Шэраг матэрыялаў знаёміць з навуковай і творчай дзейнасцю знакамітых людзей Карэліччыны: Яна Чачота, Ігната Дамейкі, Янкі Брыля. Асаблівую цікавасць уяўляе экспазіцыя, прысвечаная земляробчым каляндарным абрадам беларусаў. Штогод музей наведваюць звыш 7 тысяч чалавек. У фондах музея знаходзіцца 11616 адзінак захоўвання. Музей прапаноўвае сваім наведвальнікам выстаўкі на розныя тэмы са сваіх фондавых калекцый, а таксама з фондаў іншых музеяў. Супрацоўнікі праводзяць разнастайныя тэматычныя экскурсіі і лекцыі, прэзентацыі кніг.